"Белавія" аднавіла палётную праграму з Мінска ў Алматы

18 Снежня 2025

Вяртанне Алматы ў маршрутную сетку «Белавія» — доўгачаканая падзея для пасажыраў: пасля даволі працяглага перапынку авіяцыйныя ўлады Казахстана выдалі дазвол на аднаўленне рэйсаў.

Палёты ў Алматы з Мінска запланаваныя два разы на тыдзень па панядзелках і чацвяргах (назад — па аўторках і пятніцах).

Расклад:

  • Вылет з Мінска — у 20:20, прыбыццё ў Алматы — у 03:10.
  • Вылет з Алматы — у 04:10, прыбыццё ў Мінск — у 07:30.

Кошт квіткоў пачынаецца ад 540 BYN у адзін бок (тарыф «Лайт»)*

— Авіякампанія «Белавія» была вымушана прыпыніць выкананне рэйсаў Мінск — Алматы ў маі 2022 года па рашэнні казахстанскага боку. Да прыпынення рэйсаў напрамак стабільна карыстаўся высокім попытам, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ «Авіякампанія «Белавія» Уладзімір Баркун падчас прэс-канферэнцыі напярэдадні вылету першага рэйса. — І сёння мы з радасцю гаворым пра тое, што рэгулярныя палёты адноўлены. Хочам падзякаваць за пастаянную падтрымку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Урад, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства транспарту і камунікацый, Дэпартамент па авіяцыі.

У прэс-канферэнцыі таксама прынялі ўдзел намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Павел Уцюпін, намесніца дырэктара Дэпартамента па авіяцыі Вольга Шапкова, дырэктар Нацыянальнага аэрапорта Мінск Уладзімір Чарухін.

У рамках афіцыйнага мерапрыемства, прысвечанага аднаўленню рэйсаў, прайшла дэгустацыя сетаў дадатковага бортавога харчавання — новай паслугі авіякампаніі, пастаўшчыком якой выступае служба кейтэрынгу Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Падрабязней пра паслугу расказалі тут.

*На момант публікацыі навіны. Актуальныя цэны глядзіце на belavia.by.