Навіны Белавія

12 Сакавіка 2021

Mітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін асвяціў самалёты “Белавія”

Сёння мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі асвяціў тры паветраныя судны авіякампаніi “Белавія”.

Малебен прайшоў ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, пасля чаго ўдзельнікі перамясціліся на перон, дзе былі асвечаныя тры самалёты: Embraer 175, Embraer 195 і Boeing 737-800.

“Для правядзення мерапрыемства мы вырашылі спыніцца менавіта на пачатку сакавіка, бо на гэты час прыйшоўся наш 25-гадовы юбілей, а яшчэ ў гэты месяц праходзіць Масленіца і пачынаецца Вялікі пост. Усё гэта дае адчуванне пачатку нейкага новага этапу развіцця і з’яўлення новых магчымасцяў. На гэты год усе маюць шмат планаў, не рэалізаваных раней з-за пандэміі. І мы не выключэнне”, - адзначыў генеральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец.

Малебен - гэта традыцыйнае ў царкоўнай практыцы кароткае набажэнства. Малебен можа адбывацца як у храме, так і па-за ім.

“Сёння мы здзейснілі чын асвячэння паветраных суднаў авіякампаніі “Белавія”. Падчас пералётаў, гледзячы з нябеснай вышыні на нашую Зямлю і прыгажосць светабудовы, будзем славіць Творцу свету, «усё прамудрасцю Які стварыў» і даў мудрасць і талент нашым сучаснікам ствараць і кіраваць такімі складанымі авіялайнерамі. Разам з тым, адпраўляючыся ў палёт, будзем звяртацца за дапамогай і благаславеннем да Госпада, Божай Маці і ўсіх святых. Хай застанецца благаславенне Божае з усімі, хто працуе і ў небе, і на зямлі для забеспячэння бяспекі паветраных пералётаў, а таксама з пасажырамі авіялайнераў”, - пракаментаваў мітрапаліт Веньямін.