Навіны Белавія

08 Верасня 2021

Белавія пачне лятаць у арабскі эмірат Рас-эль-Хайма

Авіякампанія “Белавія” 7 кастрычніка пачне выконваць рэгулярныя рэйсы з Мінска ў Рас-эль-Хайма (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты). Рэйсы будуць выконвацца адзін раз на тыдзень па чацвяргах. Вылет з Мінска запланаваны на 4.55, прыбыццё ў Міжнародны аэрапорт Рас-эль-Хайма (RKT) - на 11.25. Зваротныя рэйсы з эмірата будуць ажыццяўляцца ў 12.25 з прылётам у Мінск у 17.10. Час для ўсіх аэрапортаў названы мясцовы.

Білеты можна набыць на сайце авіякампаніі, у офісах продажаў авіябілетаў і ў агентаў. Кошт пачынаецца ад 196 еўра ў адзін бок і 338 еўра за палёт туды-зваротна (тарыф LIGHT). Больш падрабязна з раскладам і тарыфамі можна азнаёміцца на сайце belavia.by.

Рэйсы будуць выконвацца на паветраным судне Embraer 195-Е2, разлічаным на перавозку 125 пасажыраў: 9 месцаў у бізнэс-класе і 116 месцаў у эканомкласе. Пры павелічэнні попыту на білеты магчыма замена самалёта на больш ёмісты Boeing 737-800. Час палёту складае пяць з паловай гадзін.

“У лютым бягучага года мы пачалі выконваць рэгулярныя рэйсы ў Дубай і досыць хутка зразумелі, што гэты кірунак вельмі папулярны сярод беларусаў. Авіякампанія вядзе сталую працу па развіцці сваёй маршрутнай сеткі і вывучэнні попыту на авіяперавозкі з Беларусі. Улічваючы высокі попыт на пералёты ў ААЭ, мы вырашылі прапанаваць нашым пасажырам новы арабскі кірунак - Рас-эль-Хайма. Эмірат адрозніваецца больш камфортным кліматам, тут шмат славутасцяў, якія гатовыя здзівіць сваёй гісторыяй, і месцаў, дзе можна актыўна правесці час. Да таго ж блізкасць эмірата Рас-эль-Хайма да Дубая дазволіць падарожнікам складаць камбінаваныя маршруты з выкарыстаннем рэйсаў Белавія”, - пракаментаваў генеральны дырэктар авіякампаніі “Белавія” Ігар Чаргінец.

Рас-эль-Хайма - самы паўночны эмірат у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, размешчаны недалёка ад Хаджарскіх гор. Найбольш папулярнымі турыстычнымі аб'ектамі з'яўляюцца Нацыянальны музей у форце, гандлёвы цэнтр Manar Mall, парк Saqr, аквапарк Iceland Waterpark, гольф-клуб і авіяцыйны клуб Jazirah.

Міжнародны аэрапорт Рас-эль-Хайма размешчаны ў 18 кіламетрах ад горада і курортнай зоны. Дарога ў аэрапорт “Рас-эль-Хайма” займае каля 20 хвілін, у залежнасці ад абранага транспарту. Адлегласць да Дубая складае каля 100 кіламетраў, да Шарджы - каля 80 кіламетраў.