Навіны Белавія

03 Лютага 2011

"Белавія" і "Азал" пачынаюць сумесную эксплуатацыю лініі Мінск-Баку

Нацыянальныя авіякампаніі Рэспублікі Беларусь "Белавія" і Азербайджана "Азал" падпісалі пагадненне аб сумеснай эксплуатацыі авіялініі ("код-шэрынг") Мінск - Баку. З 6 лютага 2011 года пачнецца выкананне сумесных авіярэйсаў. Да гэтага моманту Белавія эксплуатавала авіялінію самастойна.

У рамках гэтага пагаднення аператарам на лініі будзе Белавія, а яе маркетынгавым партнёрам - Азал. Пры гэтым, расклад палётаў зімовага перыяду змяняцца не будзе, а з пачаткам летняга сезона павялічыцца частата выканання рэйсаў да трох разоў у тыдзень. Белавія ў зімовым раскладзе 2010/2011 выконвае прамыя рэгулярныя палёты па маршруце Мінск - Баку - Мінск два разы на тыдзень па чацвяргах і нядзелях. Час палёту складае 3 гадзіны 25 хвілін.

Аб'яднанне магчымасцяў дзвюх авіякампаній стварае дадатковыя ўмовы пасажырам абодвух авіяперавозчыкаў падарожнічаць транзітам праз Мінск і Баку.