Навіны Белавія

28 Сакавіка 2016

Белавія павялічвае колькасць рэйсаў ва Ўкраіну

Авіякампанія “Белавія” павялічвае колькасць рэйсаў па маршруце Мінск-Кіеў і Мінск-Адэса.

Пятая штодзённая частата па маршруце Мінск-Кіеў і тры новыя частаты на тыдзень з сталіцы Беларусі ў Адэсу дазволяць больш камфортна падарожнічаць з гэтых гарадоў Украіны ў 47 пунктаў Еўропы і краінаў СНД праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, а таксама задаволяць турыстычны попыт у перыяд адпускоў.

Раней самалёты Белавія па маршруце Мінск-Кіеў лёталі два разы на дзень у аэрапорт “Барыспаль” і двойчы ў міжнародны аэрапорт “Кіеў” (Жуляны). З 25 красавіка па 29 кастрычніка 2016 года будзе выконвацца трэцяя частата ў міжнародны аэрапорт “Кіеў” (Жуляны). Такім чынам, у Кіеў будзе выконвацца 5 рэйсаў штодзённа, і пасажыры змогуць выбраць больш зручны час і аэрапорт для падарожжа ў Кіеў.

Дадатковы рэйс будзе штодзённым з вылетам з Мінска ў 14:15, з Кіева (Жуляны) – у 17:15 па мясцовым часе. Палёт будзе працягвацца 1 гадзіну.

“Увядзенне дадатковых частот, у першую чаргу, звязанае з сезоннасцю. З 27 сакавіка пачаў дзейнічаць летні расклад, што азначае пачатак высокага сезона і падвышэнне попыту з боку пасажыраў” – падзяліўся генеральны дырэктар ААТ “Авіякампанія “Белавія” Анатоль Гусараў.

З 17 чэрвеня 2016 года ААТ “Авіякампанія “Белавія” ўводзіць дадатковы рэйс па маршруце Мінск-Адэса.

Дадатковы рэйс запланаваны тры разы на тыдзень на самалётах Boeing 737-300 у двухкласнай кампаноўцы. Такім чынам, Белавія будзе лётаць у Адэсу 10 разоў на тыдзень. Дадатковыя рэйсы будуць вылятаць з Мінска ў панядзелкі, серады і пятніцы ў 00:20, а прылятаць у Адэсу ў 01:40. Зваротныя рэйсы будуць адпраўляцца з Адэсы ў 03:30, а прылятаць у Мінск у 04:55.

Адэса прымае каля 3,5 млн турыстаў пры патэнцыяле ў 2,5 разы больш. На сённяшні дзень ўладамі горада і вобласці зробленая вялікая праца, каб прыцягнуць нашых землякоў для адпачынку ў іхні рэгіён: зараз маецца шырокі спектр паслугаў ад зялёнага да медычнага турызму па дэмакратычных коштах. У бягучым годзе прагназуецца павелічэнне колькасці беларусаў, якія выбіраюць Сталіцу Гумара для адпачынку. Мы таксама разлічваем на павелічэнне колькасці ўкраінскіх турыстаў, якія жадаюць адпачыць у Беларусі. Разам з нашымі партнёрамі мы арганізавалі паездку беларускіх тураператараў і прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі ў Адэсу, а ў хуткім часе адбудзецца і візіт адэсітаў у Мінск” – працягнуў Анатоль Гусараў.