Навіны Белавія
Беларуская гасціннасць з "Белавія" і Cakes.by
«Адчуйце смак Беларусi!»: так па-беларуску сустракалі салодкімі пернікамі каля трапа замежнікаў, якія прыляцелі ў Мінск 3 ліпеня.
Нечаканы сюрпрыз атрымалі госці беларускай сталіцы, якія прыляцелі ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск» раніцай 3 ліпеня. У гонар Дня Незалежнасці кандытырская Cakes.by пры падтрымцы авіякампаніі «Белавія» даравала ім салодкія святочныя пернікі. Раздачай слодычаў займаліся супрацоўніцы кандытарскай, якія змянілі кухонныя фартухі на модныя ды вельмі прыгожыя сукенкі ў нацыянальным стылі. Пернікі з сэрцайкам і надпісам «Я люблю Беларусь!» яны выпеклі самі.
«Вiтаем вас у Мiнску! Сёння ў нашай краiне свята – Дзень Незалежнасцi. У гонар гэтага прымiце наш маленькi падарунак – салодкi пернiк. Адчуйце смак Беларусi!” –з такімі словамі па-беларуску дзяўчыны сустракалі пасажыраў рэйсаў «Белавія» прама каля трапаў самалётаў. Госці Беларусі, што прыбылі ў Мінск з Астаны, Вільнюса і Кіева, былі прыемна здзіўленыя, дзякавалі за падарунак ды з задавальненнем фатаграфаваліся з дзяўчынамі. Але галоўнае – першыя крокі па беларускай зямлі яны рабілі з усмешкай.
«Нашай галоўнай задачай было, каб людзі, якія прыляцелі ў Мінск 3 ліпеня, адразу ж адчулі, што гэты дзень у нашай краіне асаблівы, адчулі атмасферу свята ды сталі аб’ектам беларускай гасціннасці”, – падкрэслівае дырэктар Cakes.by Анастасія Шырэйка. Яшчэ каля ста салодкіх падарункаў дзяўчыны ўручылі людзям, якія чакалі сваіх рэйсаў у зоне вылету.