Навіны Белавія

01 Жніўня 2018

Белавія распачынае рэгулярныя палёты па маршруце Мінск-Варонеж

     З 17 снежня 2018 года ААТ «Авіякампанія «Белавія» распачынае выкананне новага рэгулярнага рэйса па маршруце Мінск-Варонеж-Мінск.
     Палёты па дадзеным маршруце будуць ажыццяўляцца на рэгулярнай аснове 4 разы на тыдзень з вылетам з Мінска ў 23:05 па панядзелках, серадах, чацвяргах і суботах і прыбыццём у Міжнародны аэрапорт Варонеж на наступны дзень у 00:30. Зваротны рэйс з Варонежа плануецца ажыццяўляць з вылетам у 05:35 па аўторках, чацвяргах, пятніцах і нядзелях з прыбыццём у Нацыянальны аэрапорт «Мінск» у 07:05. Час для ўсіх аэрапортаў названы мясцовы.
     «Мы разлічваем, што запуск рэйсаў па маршруце Мінск-Варонеж будзе спрыяць развіццю супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і чарназёмным рэгіёнам Расійскай Федэрацыі. Для нашых гасцей Нацыянальны аэрапорт «Мінск» можа стаць зручным міжнародным вузлавым портам (хабам) для палётаў па ўсёй маршрутнай сетцы «Белавія» і партнёраў. Расклад скдладзены так, каб пасажыры маглі камфортна ажыццявіць перасадку за максімальна кароткі час», - пракаментаваў Анатоль Гусараў, генеральны дырэктар ААТ «Авіякампанія  «Белавія».
     Першапачаткова палёты будуць ажыццяўляцца на самалёце CRJ-200 (49 месцаў) і Embraer - 175 (76 месцаў). Час у дарозе складзе 1 гадзіну 30 хвілін.
     Кошт авіябілетаў у адзін бок ад 96 еўра, уключаючы таксы і зборы, і ад 179 еўра - туды-назад. Квіткі ўжо даступныя ў продажы. З больш падрабязнай інфармацыяй пасажыры могуць азнаёміцца на сайце авіякампаніі: belavia.by.
     Аэрапорт Варонежа стане дзесятым расійскім аэрапортам ў маршрутнай сетцы авіякампаніі «Белавія». На дадзены момант беларускі перавозчык выконвае рэгулярныя рэйсы ў наступныя аэрапорты Расіі: Маскоўскі аэрапорт Дамадзедава, аэрапорт Маскоўскай вобласці «Жукоўскі», Міжнародны аэрапорт Пулкава (Санкт-Пецярбург), Міжнародны аэрапорт Краснадар, Міжнародны аэрапорт Стрыгіна (Н.Ноўгарад), Міжнародны аэрапорт Сочы, Міжнародны аэрапорт «Храбрава» (Калінінград), Міжнародны аэрапорт Казань, Міжнародны аэрапорт «Платаў» (Растоў-на-Доне).