Навіны Белавія

21 Жніўня 2019

Wargaming і «Белавія» знялі відэагісторыю пра знакаміты Танкалёт

У здымках відэа ўзялі ўдзел міністр замежных спраў Беларусі, саліст гурта «Ляпіс-98», удзельнік «Квартэта І» і многія іншыя
21 жніўня 2019 года — Напярэдадні найбуйнейшага ў Еўропе фэсту інтэрактыўных забавак «Wargaming Fest: Дзень танкіста» кампанія Wargaming супольна з «Белавія» знялі кароткую відэастужку пра тое, як і навошта ствараўся новы Танкалёт.
У здымках узялі ўдзел міністр замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, актор Каміль Ларын, музыкант Сяргей Міхалок, касманаўт Алег Арцем'еў, генеральны дырэктар «Белавія» Анатоль Гусараў, паблішынг-дырэктар World of Tanks Максім Чувалаў і іншыя.
Міні-фільм распавядае, як крок за крокам ствараўся самы вядомы самалёт з Беларусі, а таксама пра ператварэнне Танкалёта ў «лёткую рэкламу» не толькі кампаній Wargaming і «Белавія», але і краіны ў цэлым.
«З'яўленне Танкалётаў стала значнай падзеяй не толькі для нашых кампаній, але і для ўсёй Беларусі, — кажа паблішынг-дырэктар World of Tanks Максім Чувалаў. — Шмат хто ўжо непарыўна злучае іх з нашай краінай, і з часам гэтыя самалёты ператварыліся ў лёткі брэнд Беларусі».
«Мы ўвесь час назіраем велізарную цікавасць да Танкалётаў, дзе б яны ні прызямліліся, — кажа генеральны дырэктар „Белавія“ Анатоль Гусараў. — Людзі фатаграфуюцца на іх фоне, дзеляцца сваімі здымкамі ў сацсетках і, заказваючы квіткі, спадзяюцца, што змогуць прыляцець у Беларусь менавіта на іх».
За тры гады першы Танкалёт паспеў здзейсніць 1550 рэйсаў і пабываць у аэрапортах 28 краін, даставіўшы 300 000 пасажыраў у розныя пункты зямнога шара.
На рахунку другога Танкалёта — 400 рэйсаў, і ён пакуль яшчэ толькі пачынае свой шлях: найчасцей яго можна ўбачыць у Германіі, Францыі, Польшчы і, вядома ж, у Нацыянальным аэрапорце «Мінск», куды ён прывозіць пасажыраў з іншых краін.
На фэст «Wargaming Fest: Дзень танкіста», які мае адбыцца ў Мінску 15 верасня, Танкалёт таксама даставіць многіх гасцей. Чакаецца, што сёлета фэст паўторыць леташні поспех і збярэ больш за 200 тысяч чалавек. У зону падвышанага камфорту «Wargaming Fest: Дзень танкіста» на сённяшні дзень набылі запрашальныя квіткі прадстаўнікі 28 краін, у тым ліку такіх экзатычных, як ААЭ, Ганконг, Бахрэйн і Кувейт.
«Чакаем усіх 15 верасня ў Беларусі на свята „Wargaming Fest: Дзень танкіста“ і жадаем прыемнага палёту разам з нашымі Танкалётами», — дадаў Максім Чувалаў.
Перад гасцямі фэсту выступяць знакамітыя ўкраінскія, расійскія і беларускія музыканты: «Вопли Видоплясова», «Звери», «Крамбамбуля», а разынкай музычнай праграмы стане выступ сапраўды культавай групы з сонечнай Каліфорніі — The Offspring.
«Wargaming Fest: Дзень танкіста» адбудзецца 15 верасня 2019 года. Пачатак ў 14:00. Уваход на фэст — вольны.
 

Wargaming і «Белавія» знялі відэагісторыю пра знакаміты Танкалёт