Навіны Белавія

01 Лютага 2021

Белавія адкрывае новы напрамак Мінск-Дубай-Мінск

З 19 лютага авіякампанія “Белавія” пачынае выкананне рэгулярных прамых рэйсаў па маршруце Мінск-Дубай-Мінск. Палёты са сталіцы Беларусі будуць выконвацца два разы на тыдзень па аўторках з вылетам у 19:50 і прыбыццём у сераду ў 02:30 і па пятніцах з вылетам у 16:15 і прыбыццём у 22:55 у Міжнародны аэрапорт Дубай (DXB). Зваротныя рэйсы з Дубая плануецца ажыццяўляць па серадах з вылетам у 03:30 і прылётам у 08:40 і па пятніцах з вылетам у 23:55 і прылётам у суботу ў 05:05 у Нацыянальны аэрапорт Мінск (MSQ). Час для ўсіх аэрапортаў названы мясцовы.

Мінімальны кошт авіябілетаў у адзін бок – ад 216 еўра (тарыф LIGHT – без багажу), уключна з таксамі і зборамі, і ад 375 еўра (тарыф LIGHT – без багажу) – туды-зваротна. Білеты ўжо даступныя ў продажы. З больш падрабязнай інфармацыяй можна азнаёміцца на сайце авіякампаніі belavia.by.

Пасажыры, якія накіроўваюцца ў Дубай, паляцяць на новым авіялайнеры Embraer 195-E2. Дадзены тып самалёта можа пераадольваць далёкія адлегласці і перавозіць 125 пасажыраў у двухкласавай кампаноўцы: 9 месцаў у салоне бізнес-класа і 116 у эканом-класе. Флот “Белавіа” папоўніўся новым самалётам 23 снежня 2020 года. Авіякампанія стала сёмай у свеце, якая лётае на паветраных суднах Embraer другога пакалення. У сакавіку і красавіку чакаецца пастаўка яшчэ двух новых самалётаў дадзенага тыпу. Пры павелічэнні пасажырапатоку рэйсы, якія накіроўваюцца у Дубай, могуць выконвацца на Boeing 737-800, які разлічаны на 189 пасажыраў.

“Адкрыццё новага напрамку пасля складанага 2020 года – важны крок для авіякампаніі. Можна сказаць, што гэта глыток свежага паветра і надзея на хуткае аднаўленне рэгулярных авіязносінаў па ўсіх маршрутах карты палётаў “Белавія”. Магчымасць адкрыцця рэгулярных рэйсаў у Дубай абмяркоўвалася даўно, але стала рэальнай толькі цяпер, шмат у чым дзякуючы суладнай працы калектыву і, вядома ж, мадэрнізацыі флоту. Спадзяёмся, што беларускія тураператары аддадуць перавагу камфортным рэйсам без перасадак. Таксама мы разлічваем, што прамыя рэйсы дапамогуць уязному турызму ў Беларусь і паспрыяюць павелічэнню колькасці падарожнікаў з ААЭ”, - адзначыў Ігар Чаргінец, намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешэканамічнай дзейнасці “Белавія”.

Пры рэгістрацыі на рэйс і па прыбыцці ў Дубай пасажырам неабходна будзе прад’явіць даведку з адмоўным вынікам ПЦР-тэсту на англійскай ці арабскай мове, атрыманую не раней за 72 гадзіны да вылету. Па прылёце пасажыры абавязаныя прад’явіць медыцынскую страхоўку на ўвесь перыяд знаходжання ў ААЭ, якая пакрывае выдаткі на лячэнне ад каронавіруснай інфекцыі, запоўніць анкету пра стан здароўя. Некаторых пасажыраў могуць папрасіць здаць ПЦР-тэст у аэрапорце па прылёце ў Дубай і знаходзіцца ў самаізаляцыі да атрымання вынікаў тэсту. Усе пасажыры, якія прыбываюць у Дубай, павінны ўсталяваць мабільную аплікацыю COVID-19 – DXB Smart App.

Нагадваем, што з 16 студзеня 2021 года грамадзяне Беларусі могуць уязджаць, выязджаць і ехаць транзітам праз тэрыторыю ААЭ, а таксама знаходзіцца на тэрыторыі ААЭ без віз (не больш за 90 дзён з даты ўезду). Такія ж умовы дзейнічаюць і для грамадзян ААЭ на тэрыторыі Беларусі.

Дубай прыцягвае турыстаў з усяго свету не толькі цёплым кліматам, але і сваімі славутасцямі: хмарачосам Бурдж-Халіфа вышынёй 828 м, самым вялікім у свеце музычным фантанам і гандлёвым цэнтрам Dubai Mall, дзе можна знайсці больш за 1000 крамаў і ўстаноў.