Навіны Белавія

16 Сакавіка 2021

Белавія прэзентавала мабільны дадатак

Сёння авіякампанія “Белавія” прэзентавала ўласны мабільны дадатак. Цяпер для куплі білета і рэгістрацыі на рэйс не трэба заходзіць на сайт, усе дзеянні можна ажыццявіць, выбраўшы патрэбны абразок на экране тэлефона. Функцыянал дадатку дазволіць пасажырам хутка знаходзіць і набываць авіябілеты, не прывязваючыся тэрытарыяльна да кас “Белавія” альбо сайту belavia.by. Новы мабільны сэрвіс кампаніі можна спампаваць у AppStore і Google Play.

Для куплі білетаў неабходна запоўніць дадзеныя пра горад вылету, горад прыбыцця, даты вылету і колькасць пасажыраў. Сістэма прадаставіць спіс вынікаў, адпаведных зададзеным крытэрыям, і карыстальнік зможа выбраць прыдатны рэйс са спісу даступных. Пасля выбару тарыфу і кошту палёту трэба ўвесці дадзеныя і кантактную інфармацыю аб пасажырах, а затым перайсці да экрана аплаты. Пасля паспяховай куплі білета ці білетаў карыстальнік атрымае электронны ліст з пацвярджэннем плацяжу на ўказаны адрас электроннай пошты.

Дадатак таксама дае магчымасць зарэгістравацца на рэйс анлайн, што значна паскарае праходжанне рэгістрацыі ў аэрапорце. Гэта неабходна зрабіць не раней за 24 гадзіны і не пазней за 2 гадзіны да часу вылету. Для большасці рэгулярных рэйсаў у маршрутнай сетцы “Белавія” карыстальнікі дадатку змогуць атрымаць мабільныя пасадачныя талоны з QR-кодам.

Гэта базавая версія мабільнага дадатку авіякампаніі. У будучыні плануецца павелічэнне колькасці даступных функцый. Сярод іх: магчымасць сканавання пашпарта для хуткага ўводу дадзеных пра пасажыраў, уваход у асабісты кабінет удзельніка праграмы лаяльнасці “Белавія Лідэр” і іншыя.

Дадатак быў распрацаваны супрацоўнікамі EPAM у рамках валанцёрскай ініцыятывы EPAM Engineering Jam - хакатона, падчас якога ўдзельнікі прапануюць свае ідэі па паляпшэнні існуючых ці стварэнні новых сэрвісаў. Агульная ідэя, якая аб’ядноўвае ўсе хакатоны Engineering Jam – “прыйшоў час рабіць”. На іх акумулююцца ідэі, якія, на погляд распрацоўшчыкаў, зробяць жыццё беларусаў зручнейшым. Каманда валанцёраў працавала над дадаткам каля 1,5 гадоў: з пачатку пандэміі распрацоўка была прыпыненая, і вось цяпер каманда EPAM гатовая прэзентаваць вынік сваёй працы. Далейшая праца над дадаткам працягнецца: у каманды яшчэ шмат ідэй па паляпшэнні сэрвісу.

“Наяўнасць мабільнага дадатку - важны крок у развіцці сэрвісу авіякампаніі. Безумоўна, мы даўно планавалі распрацаваць платформу, якая б спрасціла для пасажыраў рэгістрацыю на рэйс і зрабіла іншыя сэрвісы авіякампаніі даступнымі. Да нас звярнуліся з EPAM з навіной, што на хакатоне сацыяльных праектаў узнікла ідэя стварэння дадатку для “Белавія”. Я пагутарыў з камандай распрацоўнікаў на хакатоне, пракансультаваў іх: распавёў, як арганізаваная нашая інфраструктура, якія магчымасці карыстальнікам можна даць з дапамогай дадатку. І вось мы гатовыя паказаць яго нашым пасажырам. Несумненна, устаноўка дадатку аблегчыць працэс куплі білетаў і зменшыць час абслугоўвання ў аэрапорце пры рэгістрацыі на рэйс. Мы заўсёды стараемся ўдасканальвацца, развіваць сэрвіс і забяспечваць максімальны камфорт для сваіх пасажыраў на ўсіх этапах падарожжа. І мы ўдзячныя супрацоўнікам EPAM за дапамогу ў стварэнні дадатку”, - пракаментаваў генеральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец.

Першая версія ўжо даступная для пампавання ў AppStore і Google Play.