Навіны Белавія

07 Мая 2021

Белавія адкрыла новы расійскі напрамак - у Екацярынбург

7 траўня авіякампанія “Белавія” пачала выконваць рэгулярныя рэйсы ў Екацярынбург, які часта неафіцыйна называюць сталіцай Урала. Гэта восьмы рэгулярны напрамак у Расію, па якім на дадзены момант ажыццяўляе палёты беларуская авіякампанія.

Рэйсы ў Екацярынбург плануюцца раз на тыдзень - па пятніцах з вылетам з Мінска ў 23.10 і прыбыццём у Міжнародны аэрапорт Кальцова ў 04.10. Зваротны рэйс у сталіцу Беларусі - па суботах з вылетам у 05.10 і прыбыццём у Нацыянальны аэрапорт Мінск у 06.25. Час для ўсіх аэрапортаў названы мясцовы. Пералёт у адзін бок займае каля трох гадзін.

Мінімальны кошт білетаў па тарыфе “LIGHT” (без багажу) складае 143 еўра ў адзін бок, у абодва - 233 еўра. У тарыфным брэндзе “SMART”: 163 еўра ў адным напрамку і 263 еўра - туды-зваротна. Больш падрабязна з раскладам і тарыфамі можна азнаёміцца на сайце belavia.by.

“Пасажырапаток паступова аднаўляецца, нягледзячы на тое, што сітуацыя ў нашай галіне ўсё яшчэ зыбкая. “Белавія” здолела не проста выстаяць у складаных умовах, але і працягвае прапаноўваць пасажырам новыя магчымасці. Сёння мы пашыраем маршрутную сетку па Расіі. У Екацярынбург “Белавія” ўжо лятала, але даўно: у 1990-х і ў 2010-2015 гадах. Цяпер мы, можна сказаць, перазапускаем дадзены маршрут. Многія чакалі з’яўлення гэтага кірунку - хтосьці па працоўных пытаннях, хтосьці з турыстычнымі мэтамі. Мы рады адправіць сёння рэйс у Міжнародны аэрапорт Кальцова, які стаў пачаткам новых рэгулярных авіязносінаў паміж Екацярынбургам і Мінскам”, - адзначыў Ігар Чаргінец, генеральны дырэктар ААТ “Авіякампанія “Белавія”.

Авіякампанія будзе лятаць у Екацярынбург на самалёце Embraer 175. Паветранае судна гэтага тыпу разлічана на 76 пасажыраў: 12 месцаў у бізнэс-класе і 64 месцы ў эканом-класе.

“Авіякампанія “Белавія” - даўні партнёр нашага аэрапорта і адзін з самых надзейных авіяперавозчыкаў у СНД, таму і нас, і нашых пасажыраў радуе яе вяртанне ў Кальцова. Ва ўмовах абмежаванняў на палёты за мяжу адкрыццё новага кірунку будзе садзейнічаць павелічэнню пасажырапатоку і дазволіць уральцам падарожнічаць у Беларусь. Мы, у сваю чаргу, таксама чакаем гасцей, якія прыляцяць у сталіцу Урала – я ўпэўнены, што вандроўцы адзначаць не толькі прыгажосць Екацярынбурга, але і зручнасць нашага аэрапорта”, - падкрэсліў выканаўчы дырэктар ПАТ “Аэрапорт Кальцова” Аляксей Піскуноў.

Міжнародны аэрапорт Кальцова знаходзіцца ў 16 кіламетрах ад цэнтра Екацярынбурга ў паўднёва-ўсходнім напрамку. Ён абслугоўвае жыхароў не толькі горада, але і Свярдлоўскай вобласці. Екацярынбург - адзін з найбуйнейшых індустрыяльных і транспартна-лагістычных гарадоў Расіі.