Навіны Белавія

26 Кастрычніка 2021

Белавія паспяхова прайшла аўдыт IOSA і пацвердзіла высокія стандарты бяспекі

У чэрвені 2021 года ў авіякампаніі “Белавія” быў праведзены аўдыт Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA). Дбайная праверка атрыманых падчас правядзення аўдыту і прадстаўленых у IATA дадзеных заняла каля 4 месяцаў, у выніку чаго было прынята рашэнне прадоўжыць для “Белавія” дзеянне сертыфіката IOSA да 2 лістапада 2023 года. Наяўнасць гэтага сертыфіката пацвярджае, што авіякампанія пры ажыццяўленні сваёй дзейнасці прытрымліваецца перадавых міжнародных авіяцыйных стандартаў у галіне эксплуатацыйнай бяспекі.

“Белавія” ўпершыню прайшла аўдыт Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA) і атрымала сертыфікат IOSA у 2007 годзе. У адпаведнасці з існуючымі правіламі атрыманне сертыфіката абавязковае для ўсіх удзельнікаў IATA, рэсертыфікацыя авіякампаніі праводзіцца раз на два гады і дазваляе захоўваць членства ў міжнароднай асацыяцыі.

Паспяховае праходжанне аўдыту восьмы раз пацвярджае высокі ўзровень бяспекі “Белавія” пры выкананні палётаў. Авіякампанія ўдзяляе вялікую ўвагу ўкараненню і падтрыманню стандартаў IOSA, якія пастаянна абнаўляюцца, і бесперапыннаму ўдасканаленню сістэм кіравання арганізацыяй, кіравання бяспекай палётаў і авіяцыйнай бяспекай.

IOSA (IATA Operational Safety Audit) - праграма аўдытаў эксплуатацыйнай бяспекі авіякампаній, распрацаваная ў рамках Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту, прызначаная для ацэнкі сістэм эксплуатацыйнага кіравання і кантролю паветраных перавозчыкаў. Кіраўніцтва па стандартах IOSA уключае каля 1000 патрабаванняў, адпаведнасць якім павінна пацвердзіць авіякампанія падчас праходжання аўдыту.