Навіны Белавія

15 Ліпеня 2022

Падарункі для пасажыраў і яркая фотазона: “Белавія” адкрыла палёты ва Унукава

15 ліпеня, “Белавія” аднавіла рэгулярныя рэйсы па маршруце Мінск-Масква (Унукава) - Мінск. З гэтай нагоды авіякампанія падрыхтавала для пасажыраў першага рэйса Мінск-Масква невялікія падарункі: у зоне рэгістрацыі была размешчана яркая фотазона з дэсертамі і напоямі, а падчас самой рэгістрацыі пасажыры, акрамя пасадачнага талона, атрымалі брэндаваныя шопперы са штодзённікамі.

У аэрапорце Унукава таксама падрыхтавалі святочнае мерапрыемства. У праграме - уручэнне прэзентаў усім пасажырам рэйса Масква-Мінск, водная арка пры сустрэчы самалёта, выступленне дзіцячага харэаграфічнага калектыву “Жамчужына”.
“Рэйсы ў Маскву заўсёды карыстаюцца ў нашых пасажыраў асаблівай папулярнасцю. І сёння мы аднаўляем рэгулярныя палёты ў аэрапорт Унукава - адзін з найбольш зручных маскоўскіх авіяцыйных вузлоў як для прамых, так і для транзітных пасажыраў, якія хочуць падарожнічаць у выдаленыя месцы Расіі. І практычна поўная загрузка сённяшняга рэйса з'яўляецца таму пацвярджэннем. Мы шчыра дзякуем нашым партнёрам за цёплы прыём і спадзяемся на наша доўгае і паспяховае супрацоўніцтва”, – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці “Белавія” Уладзімір Баркун.

“Пачатак супрацоўніцтва з новай авіякампаніяй і адкрыццё новага маршруту - гэта значная падзея для аэрапорта Унукава. Для нас вялікі гонар і радасць вітаць сёння шаноўных гасцей з Беларусі і выступаць пляцоўкай міждзяржаўнага супрацоўніцтва, упэўнена глядзець у будучыню і разумець, што, нягледзячы на няпростую геапалітычную абстаноўку, адбываецца пашырэнне міжнародных авіямаршрутаў. Пры гэтым адказнасць за бяспеку пасажыраў захоўваецца на самым высокім узроўні. Мінск багаты культурна і гістарычна, і я упэўнены, што новы напрамак прыцягне вялікую колькасць турыстаў”, – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па камерцыі Міжнароднага аэрапорта Унукава Антон Кузняцоў

Паляцець з Мінска ў Міжнародны аэрапорт Унукава і вярнуцца назад можна па серадах, пятніцах і нядзелях. Расклад рэйсаў:

  •   вылет з Мінска - у 13.20, прыбыццё ў Маскву - у 14.35;
  •   зваротныя рэйсы з Унукава - у 15.25, прыбыццё ў сталіцу Беларусі ў 16.50.

Білеты можна набыць на сайце авіякампаніі, у дадатку Belavia, у офісах продажаў авіябілетаў і ў агентаў. Тарыфы:

  •   у адзін бок білет каштуе ад 50 еўра (тарыф Light);
  •   у абодва бакі білет каштуе ад 88 еўра (тарыф Light).